Гей портал Беларуси

Як я зрабілася дзяўчынкай

   

У верасні яна выйшла з менскай бальніцы пасля серыі аперацый і вярнулася ў свой гарадок. Яшчэ нядаўна яна была хлопцам, але толькі фармальна, бо дзяўчынай пачувалася з самага дзяцінства. Пра тое, як выправіць памылку прыроды ў беларускіх умовах, 28-гадовая Кіра распавяла аўтарцы 34mag Mneko Neko.

Знаёмства 

Кіра нарадзілася ў Менску, але вырасла і цяпер жыве ў адным з беларускіх мястэчак (назву горада гераіня прасіла не называць). Тут, вядома, мала хто ведае, хто такія транссексуалы  і з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў жыцці.
Пра дзяўчыну з незвычайным лёсам я даведваюся праз агульных знаёмых. Я прашу ў іх яе нумар. Хутка чую ў слухаўцы спакойны жаночы голас. Я тлумачу Кіры, што яе гісторыя ўнікальная, і дамаўляюся на інтэрв’ю. Спачатку Кіра вагаецца: усё-такі раскрыцца тут і цяпер – досыць складанае рашэнне. «Але, мабыць, камусьці гэта будзе карысна, напрыклад, тым, хто мае такую ж жыццёвую сітуацыю», – адказвае нарэшце Кіра і пагаджаецца.

«Мабыць, гэта будзе карысна тым, хто мае такую ж жыццёвую сітуацыю»

Мы сустракаемся на нейтральнай тэрыторыі. «Колькі часу табе трэба, каб падрыхтавацца да выхаду ў свет?» – паміж намі, дзяўчынкамі, пытаюся я. «Каля дваццаці хвілін, амаль як усім жанчынам», – адказвае Кіра, папраўляючы пасмачку парыка, які яна вымушана насіць, пакуль свае валасы не дарастуць да патрэбнай даўжыні.

Наогул, я ледзь не першая, каму Кіра шчыра і падрабязна распавядае пра свае перажыванні, таму часам наша гутарка нагадвае размову на прыёме ў псіхолага, якім я сябе і адчуваю на працягу амаль усяго інтэрв’ю. Часам, аднак, мая суразмоўніца адзначае, што тая ці іншая інфармацыя «не для друку». Я пагаджаюся.

Дзяцінства

«Я проста заўжды пачувалася дзяўчынкай, – пачынае доўгі маналог Кіра. – Мне падабалася бавіць час сярод дзяўчат, а з хлопчыкамі было нецікава. За гэта мяне неаднойчы наказвалі бацькі. Яны мяне не любілі. Мне хацелася быць дачкой, каб да мяне ставіліся, як да дзяўчынкі. Мне было няёмка з-за агрэсіўных адносін да мяне, мне хацелася, каб мяне разумелі. Мне не падабалася, калі мяне стрыглі і апраналі як хлопчыка. Калі я насіла дзявочае адзенне, я пачувалася сваёй у кампаніі сябровак, і гэта было неверагодна прыемна. Шмат хто з мяне смяяўся, але я хутка перастала гэта заўважаць».

«Аднойчы, у старэйшых класах, адзін хлопец, у якога я закахалася, заступіўся за мяне. Я тады адчувала сябе самай шчаслівай на свеце»

Галоўнай праблемай Кіра лічыла сваё цела – зусім не такое, якім бы яго хацелася бачыць: «Спачатку я не звяртала на цела ўвагі, але пасля пачала заўважаць, што ўсё болей і болей яго не люблю. Ва ўзросце сямі-васьмі гадоў да мяне прыйшло ўсведамленне, што я не такая, як мае сяброўкі. Ад гэтага мне рабілася прыкра, але я баялася адкрыцца сваім бацькам. Я спрабавала пераканаць сябе, што ўсё зменіцца, але ад гэтага я станавілася яшчэ болей замкнёнай. Пазней мне не падабалася, што ў мяне мужчынскі палавы орган і што няма грудзей. Вельмі часта я задавала сабе пытанне, за што прырода так з мяне здзекуецца і ці можна гэтую памылку нейкім чынам выправіць. Калі я была малой, я заўсёды марыла, што аднойчы з’явіцца чараўніца і ператворыць мяне ў прыгожую дзяўчынку, што я сустрэну свайго прынца і пражыву з ім разам усё жыццё».


З дзяцінства яна вельмі лёгка заводзіла сяброўства з дзяўчатамі і ёй вельмі падабалася пераймаць іх паводзіны і стыль жыцця: «Мне вельмі хацелася, каб хлопцы ставіліся да мяне так, як яны ставіліся да маіх сябровак».

Але з хлопцамі нічога добрага не выходзіла. «Яны мяне часта крыўдзілі за тое, што я не трымалася "па-мужчынску”, – працягвае Кіра. – Праз адносіны аднакласнікаў і настаўнікаў мне давялося змяніць тры школы. Аднойчы, у старэйшых класах, адзін хлопец, у якога я закахалася, заступіўся за мяне. Я тады адчувала сябе самай шчаслівай на свеце. Насамрэч яму проста надакучыла глядзець, як іншыя хлопцы з мяне здзекаваліся. Але гэта дало мне шанец пратрымацца да сканчэння школы – ніхто мяне больш не чапаў».

Важны крок

Аднойчы Кіра зразумела, што толькі яна адказная за свой лёс. Пасля сканчэння школы яна змяніла некалькі месцаў працы, пачынаючы ад тынкоўшчыка-маляра да швачкі і наладчыцы-электроншчыцы. Зарабляла грошы нават рамонтам машын. «Я не раздзяляю прафесіі на мужчынскія і жаночыя, трэба займацца тым, што ў цябе атрымліваецца і што табе падабаецца», – кажа Кіра.
У будучыні яна марыць сур’ёзна заняцца дызайнам адзення: «Мне вельмі падабаецца шыць. Я пампую з інтэрнэту выкрайкі, раздрукоўваю іх і шыю тое, што мне прыйшлося даспадобы. Напрыклад, нагавіцы, што на мне». Кіра дэманструе не самага простага пакрою шэрыя нагавіцы, якія падкрэсліваюць яе па-жаночаму акруглыя сцёгны.

Першы крок да існавання ў грамадстве як жанчыны заключаўся для Кіры ў нашэнні жаночага адзення, парыкоў і нанясенні макіяжу. Аднак на гэтым яна не спынілася. «У Беларусі шмат хто баіцца пайсці менавіта на хірургічную змену полу, бо гэта сапраўды вельмі доўгі, складаны і балючы працэс. Але я лічу, што гэтыя пакуты вартыя таго», – кажа Кіра.

Дзяўчына вывучыла шмат літаратуры, адкуль даведалася, напрыклад, пра спецыяльныя фізічныя практыкаванні, з дапамогай якіх можна было зрабіць цела больш жаночым. Над тым, каб змяніць голас, Кіра некалькі гадоў працавала штодня. «Я заўсёды лічыла сябе нармальнай маральна, але не фізічна, – распавядае яна. – Ненармальным у мяне было толькі маё цела, што вельмі часта прыводзіла мяне да дэпрэсіі. Я сабе не падабалася, але не ў такой ступені, каб сябе знішчыць. Таму я звярнулася па дапамогу да спецыялістаў».


Праз інтэрнэт Кіра выпадкова даведалася, што ў Беларусі можна бясплатна зрабіць аперацыю для змены полу. Яна звярнулася ў менскі цэнтр сексалогіі на Мендзялеева, дзе ёй выдалі цэлы стос накіраванняў да медыкаў рознага профілю і такі ж стос псіхалагічных тэстаў. «Было адчуванне, што з мяне збіраюцца зрабіць касманаўта, а не жанчыну», – жартуе Кіра. Медыцынская камісія правярала не толькі агульны стан здароўя і гарманальны ўзровень пацыенткі, але і псіхіку, для чаго на месяц яе змясцілі ў псіхалагічны дыспансер у Навінках. Нарэшце, пасля адмысловага кансіліуму, яна атрымала ад лекараў дазвол на змену полу.

«Гэты этап свайго жыцця я правяла ў поўнай адзіноце»

Калі ўсе тэсты былі пройдзеныя, а дакументы падпісаныя, Кіра змагла змяніць пашпарт. «Аднак, – кажа дзяўчына, – ёсць адна маленькая хіба. У ідэнтыфікацыйным кодзе ёсць адна літара, якая апісвае пол. Гэты код пры змене пашпарту не змяняюць, таму прасунутыя працадаўцы могуць даведацца пра маё мужчынскае мінулае».

Пасля змены полу на паперы заставаўся апошні, самы складаны крок – пластычная аперацыя. Акрамя ўласнага жадання на рашэнне Кіры паўплываў таксама стан яе здароўя – пачаліся праблемы з гарманальным узроўнем. Рашэнне было прынятае. «На ўсю працэдуру змены полу мне спатрэбілася тры гады, з якіх некалькі месяцаў я правяла на бальнічным ложку», – распавядае наша гераіня.

Аперацыя для змены полу складаецца з некалькіх этапаў і належыць да адной з самых далікатных аперацый у галіне пластычнай хірургіі. На маё пытанне, што было самым складаным, Кіра адказвае, што цяжэй за ўсё было перажываць нават не саму аперацыю, а адсутнасць блізкіх і іх падтрымкі: «Мяне падтрымлівалі хіба што медсёстры і некалькі знаёмых. Таксама да мяне прыходзіла мама аднаго транссексуала, які ў гэтай жа бальніцы мяняў пол з жаночага на мужчынскі. Яна мне вельмі дапамагала. Але збольшага ўвесь шлях свайго ператварэння з мужчыны ў жанчыну я прайшла сама: медкамісіі праходзіла сама, у бальніцу да мяне ніхто не прыходзіў і ніхто за мяне не хваляваўся, калі я клалася пад скальпель. Гэты этап свайго жыцця я правяла ў поўнай адзіноце».

Што датычыць падтрымкі псіхолагаў, яе амаль не было. «Псіхолагі правяралі мяне на нармальнасць, але падтрымкі і парадаў я ад іх не чула, – узгадвае Кіра. – Са сваімі страхамі я змагалася сама, спадзеючыся на тое, што калі-небудзь у свеце знойдуцца людзі, якія будуць да мяне не абыякавыя».

Жыццё пасля аперацыі

Бацькі Кіры да яе рашэння змяніць пол паставіліся адмоўна. Адносіны яны цяпер не падтрымліваюць. «У мяне было жаданне з імі памірыцца, хацелася б, каб яны мяне зразумелі, але, на жаль, не склалася, – кажа яна. – Але я не крыўдую, яны былі выхаваныя ў іншыя часы».

Больш за ўсё Кіра хацела б пасябраваць з людзьмі, якія прайшлі падобны шлях. Але такіх людзей вельмі цяжка знайсці, бо ў Беларусі яны звычайна хаваюцца ад грамадства. Я пытаюся, як рэагуюць на новы выгляд Кіры тыя, хто ведаў яе ў целе мужчыны. Падумаўшы, дзяўчына адказвае, што збольшага негатыву не так шмат, але ён усё ж такі прысутнічае: «Гэта хутчэй не негатыў, а неразуменне маёй праблемы. Да таго ж у горадзе, дзе я жыву, ёсць сяброўкі, якія падтрымліваюць мяне на гэтым этапе».

«Гэта вельмі прыемнае адчуванне – зрабіцца той, кім ты насамрэч была ўсё жыццё»

А што цяпер на прыватным фронце? «Некалькі разоў у Менску мужчыны запрашалі мяне ў кафэ. Такім чынам я і пазнаёмілася са сваім сябрам, да якога збіраюся пераехаць у Галандыю, у Ратэрдам», – распавядае Кіра. Галандыя – яе мара, там яе чакае не толькі добры сябар, але і шмат «сваіх», з якімі Кіра будзе пачувацца ўтульна. Іншая амбіцыя нашай гераіні – сям’я: добры муж і абавязкова дзеці. Але «важна не спазніцца, у Галандыі існуюць узроставыя рамкі – усынаўляць дзяцей можна толькі да сарака гадоў».

Кіра вярнулася дадому з бальніцы толькі ў верасні. На пытанне, што яна адчувае пасля таго, як атрымала жаданае цела, Кіра адказвае: «Фізічныя адчуванні не вельмі прыемныя, бо гэта ўсё-такі хірургічнае ўмяшанне, і павінна прайсці шмат часу, каб боль цалкам знік. Пры гэтым гарманальныя прэпараты трэба будзе прымаць усё жыццё. Аднак маральна я перапоўненая радасцю, гэта вельмі прыемнае адчуванне – зрабіцца той, кім ты насамрэч была ўсё жыццё, адчуць нарэшце гармонію паміж душой і целам».

Всего комментариев : 0

 

 ПОПУЛЯРНОЕ

Мэр Ивано-Франковска отказал геям в праве быть патриотами Украины

CityDog опубликовал статью о закрытой ЛГБТ-вечеринке, «засветив» ее участников. Нарушен закон о СМИ?

Гей-пара сыграла первую в истории Кипра публичную однополую свадьбу

В китайских сериалах запретили секс, ведьм и геев

ВПА призывает к повсеместной декриминализации гомосексуальности

 ПОСЛЕДНЕЕ

Игротека Queerspace состоится 13 апреля

Презентация книги «Женский активизм в Беларуси»

Без «радужных флагов», но вместе со всеми

ВПА призывает к повсеместной декриминализации гомосексуальности

Балтийский прайд 2016 пройдет в Вильнюсе с 16 по 22 июня

 

ТЕГИ ❯

Беларусь, транссексуальность, ЛГБТ

 

МАТЕРИАЛЫ ПО ТЕМЕ ❯